Вялікая Айчынная вайна ў творах мастацкай літаратуры

05.05.2021

5 мая 2021 года ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi разам з Нацыянальным архівам Рэспублікі  Беларусь i Саюзам пiсьменнiкаў Беларусi адбылося адкрыцце выставы «Радкi памяцi».

9 мая наша краіна адзначае знакавае свята – Дзень Перамогі.

Беларусь  перажыла мноства спусташальных войнаў. Асабліва пакутнай стала Вялікая Айчынная вайна. 

Вялікую ролю ў дакладнасці апісання падзей ваенных гадоў адыграла трапнае, узвышаючае, натхняючае слова пісьменнікаў і паэтаў. Менавіта яны, непасрэдныя ўдзельнікі баявых дзеянняў, данеслі да сучаснага пакалення гісторыю чалавечых лёсаў і ўчынкаў людзей, ад якіх часам залежала жыццё. Літаратары ваеннага ліхалецця праўдзіва апісвалі ў сваіх творах атмасферу фронту, партызанскага руху, цяжкасці паходнага жыцця і жыцця ў тыле, моцнае салдацкае сяброўства, сапраўдны гераізм.

На выставе прадстаўлены выданні і архіўныя матэрыялы ваеннага і пасляваеннага часу, створаныя аўтарамі – удзельнікамі ваенных дзеянняў. Сярод іх творы пісьменнікаў – франтавікоў у такіх жанрах прозы, як апавяданні, памфлеты, аповесці, раманы, публіцыстычныя артыкулы.

Патрыятызм, самаахвярнасць у барацьбе з ворагам, кемлівасць герояў у крытычных сітуацыях знайшлі сваё адлюстраванне ў творах Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Івана Шамякіна, Івана Мележа  і інш.

Унікальныя дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі  Беларусь адлюстроўваюць  жыццё ў партызанскіх зонах, мясцовую паэзію партызан і падпольшчыкаў. На выставе прадстаўлены вершы партызан Уладзіміра Ефімовіча і Ўладзіміра Кулікова ў аўтарскай рэдакцыі i iнш.

Проза і паэтычная спадчына ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца і сёння жывой памяццю аб гераізме народа. Унікальныя творы мастацкай літаратуры натхнёна адлюстравалі бессмяротны подзвіг абаронцаў Радзімы. Творчая спадчына аўтараў ваеннага часу па праве складае залаты фонд айчыннай і сусветнай літаратуры.

 

Інфармацыя падрыхтавана заг. аддзела выкарыстаня дакументаў і інфармацыі М.А. Старасценка

Фотогалерея: