27.02.2018
Адкрыццё сумеснага выставачнага праекта Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь “Абуджаная жалейка”
22 лютага адбылося адкрыццё сумеснага выставачнага праекта Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь “Абуджаная жалейка”.
Выставачны праект “Абуджаная жалейка” прадстаўляе пераломны час І Сусветнай вайны і распаду магутных імперый, калі многія народы Еўропы, у тым ліку і беларусы, атрымалі магчымасць ажыццявіць даўнюю мару пра дзяржаўнае адраджэнне.
Выставачны праект прысвечаны цыклу патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 г. і прымеркаваны да 110-годдзя выхаду яго першага зборніка “Жалейка”.
Зборнік “Жалейка” Янкі Купалы стаў ўдалым творчым дэбютам маладога паэта і выразным пасланнем свету аб існаванні такой старонкі, як Беларусь і такога народа, як беларусы, аб іх магутным жаданні гучання беларускага голасу ў сям’і народаў свету. У 1918 г. беларусы пацвердзілі гэтае пасланне справай, зрабіўшы рашучы крок да самастойнасці, якім стала абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Сімвалічна, што Янка Купала, які адклаў пяро амаль на тры гады, менавіта ў гэты час зноў пачынае пісаць, і ў кастрычніку – снежні 1918 г. стварае звыш дваццаці вершаў.
На выстаўцы ўпершыню максімальна поўна прадстаўлены арыгіналы аўтографаў грамадзянска-патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 г. з фондаў музея. Гістарычны кантэкст, які абумовіў з’яўленне гэтых вершаў, узноўлены на падставе ўнікальных дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: прадстаўлены факты тагачаснай рэчаіснасці, не толькі палітычнай, але сацыяльна-эканамічнай і культурнай, якія былі інтэгруючым фактарам для дзеячоў беларускага руху розных поглядаў.
Наведаць выстаўку можна да 16 красавіка 2018 года.