Да 100-годдзя архіўнай галіны

 

Паважаныя карыстальнікі сайта Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь!

 

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь з'яўляецца захавальнікам дакументальных фондаў Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскіх архіўных устаноў. Да 100-годдзя архіўнай галіны на афіцыйным сайце Нацыянальнага архіва адкрываецца юбілейная рубрыка, у якой будуць прадстаўлены лічбавыя копіі дакументаў, якія расказваюць пра гісторыю развіцця архіўнай справы ў нашай краіне: сістэму архіўных устаноў, фонды, персаналіі і інш.

Архіўная галіна 1920-30 гг.

Савет народных камісараў РСФСР 1 чэрвеня 1918 года выдаў Дэкрэт "Аб рэарганізацыі і цэнтралізацыі архіўнай справы", які паклаў пачатак архіўнаму будаўніцтву Беларусі. Для кіраўніцтва архіўнай справай на тэрыторыі БССР у канцы 1920 года пры пададдзеле аховы помнікаў мастацтва і культуры (даўніны) аддзела мастацтва Камісарыята асветы БССР была арганізавана Архіўная секцыя. У ліпені 1921 года Архіўная секцыя ўвайшла ў склад Акадэмічнага цэнтра пры Народным камісарыяце асветы (Наркампрасе) БССР пад назвай "Архіўная камісія". У далейшым адбылося перайменаванне ў Беларускі дзяржаўны архіў, потым у Цэнтральны архіў БССР.

Пастановай Прэзідыума ЦВК БССР ад 4 жніўня 1922 года Цэнтральны архіў БССР быў перададзены ў распараджэнне Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР.

У архіўным фондзе "Цэнтральны дзяржаўны архіў (Цэнтрархіў) пры ЦВК БССР" захоўваецца Выпіска з пратакола № 22 пасяджэння Прэзідыума ЦВК БССР ад 12 верасня 1922 года аб зацвярджэнні Палажэння аб Цэнтральным архіве Беларусі і каштарысу на расходы, а таксама Палажэнне Цэнтральнага архіва Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі.

У 1924 г. дзейнічалі наступныя акруговыя аддзелы Цэнтрархіва БССР: Магілёўскі, Бабруйскі, Барысаўскі, Віцебскі, Клімавіцкі, Мазырскі, Аршанскі, Полацкі, Слуцкі, Мінскі акруговы аддзел Цэнтрархіва быў утвораны ў 1926 г. У красавіку 1927 года былі скасаваны Слуцкі, Барысаўскі, Калінінскі акруговыя аддзелы.

8 снежня 1927 года ЦВК і СНК БССР зацвердзілі Палажэнне аб Цэнтральным архіўным упраўленні БССР (далей - ЦАУ). На чале ўпраўлення стаяў загадчык, прызначаны Прэзідыумам ЦВК. У падпарадкаванні ЦАУ знаходзіліся Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі БССР, Мінскі, Магілёўскі і Віцебскі гістарычныя архівы.

У архіўным фондзе "Архіўны аддзел Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС) БССР" ёсць спіс асабовага складу, звесткі аб штатах, структуры Цэнтрархіва БССР, а таксама штатны расклад раённых архіваў.

 

свернуть