МДЛУ ‑ 75 гадоў!
11.10.2023
Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (да 1993 г. Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў) пачаў сваю дзейнасць з 1 верасня 1948 г. у складзе трох факультэтаў ‑ англійскай, нямецкай і французскай моў. Інстытут быў створаны на базе факультэта замежных моў Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. З моманту стварэння з’яўляўся адзінай вышэйшай навучальнай установай у рэспубліцы па падрыхтоўцы настаўнікаў замежных моў для сярэдніх школ, выкладчыкаў для вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама перакладчыкаў. Першым кіраўніком інстытута быў кандыдат эканамічных навук дацэнт Міхаіл Фядотавіч Жаўрыд.
У 1948/49 навучальным годзе ў інстытуце на дзённай форме навучання займаліся 364 студэнты, з якіх на факультэце англійскай мовы ‑ 204 студэнты, нямецкай ‑ 86 і французскай ‑ 74. У 1949 г. у інстытуце было адкрыта завочнае аддзяленне. Да 1956 г. падрыхтоўка настаўнікаў вялася па адной спецыяльнасці. З 1 верасня 1956 г. было ўведзена пяцігадовае навучанне з мэтай падрыхтоўкі спецыялістаў па замежнай і рускай ці беларускай мовах, з 1964 г. — па дзвюх замежных мовах.
На момант стварэння інстытут размяшчаўся ў будынку школы № 13 па вул. Пушкіна, 35. Пад інтэрнаты для студэнтаў інстытута былі перададзены будынкі гарадскіх навучальных устаноў. Першы вучэбны корпус (цяпер корпус Б) быў уведзены ў строй у 1958 г., другі (корпус А) ‑ у 1964, трэці (корпус В) – у 1966 г., корпус Г са спартыўнай і актавай заламі ‑ у 1971 г. Першы студэнцкі інтэрнат на 400 месцаў пачаў дзейнiчаць у 1957 г. (цяпер корпус Д).
З 1960 г. пры інстытуце былі арганізаваны 2-гадовыя курсы замежных моў для спецыялістаў, якія накіроўваліся на працу ў замежныя краіны (у 1994 г. пераўтвораны ў спецыяльны факультэт кіруючых работнікаў і спецыялістаў).
У 1962 г. адкрыта аддзяленне іспанскай мовы, на базе якога ў 1967 г. быў створаны самастойны факультэт. У 1964 г. на факультэтах англійскай, нямецкай і французскай моў сфарміраваны перакладчыцкія аддзяленні, якія з 1969 г. былі аб’яднаны ў перакладчыцкі факультэт. З 1979 г. на факультэце рускай мовы для замежных грамадзян вядзецца навучанне студэнтаў з розных краін свету. З верасня 1994 г. пачаў працу факультэт заходнееўрапейскіх (англійскай, нямецкай і французскай) моў, у 2001 г. пераўтвораны ў факультэт міжкультурных камунікацый. З 2006 г. у структуру ўніверсітэта ўваходзіць лінгвагуманітарны каледж.
З 1962 г. пачалася падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз аспірантуру, з 1992 г. ‑ дактарантуру, з 1997 г. ‑ магістратуру.
За тры чвэрці стагоддзя ва ўстанове вышэйшай адукацыі падрыхтавана звыш 40 тысяч настаўнікаў замежных моў і дзесяці тысяч перакладчыкаў-рэферэнтаў і спецыялістаў па міжкультурнай камунікацыі. Выпускнікі запатрабаваны ў органах дзяржаўнага кіравання, сферы эканомікі і фінансаў, турызму; працуюць на ўсіх кантынентах, у буйнейшых міжнародных арганізацыях, дыпламатычных прадстаўніцтвах.
На бягучы час структуру ўніверсітэта вызначаюць 7 факультэтаў ‑ англійскай, нямецкай, міжкультурных камунікацый, раманскіх моў, кітайскай мовы і культуры, перакладчыцкі, факультэт рускай мовы для замежных грамадзян, і два інстытуты — Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, Інстытут Канфуцыя. У МДЛУ вядзецца выкладанне на больш чым 20 замежных мовах, у тым ліку на арабскай, італьянскай, кітайскай, нідэрландскай, польскай, турэцкай, шведскай, японскай і іншых. Вучэбны працэс забяспечвае прафесарска-выкладчыцкі склад амаль 40 агульнаўніверсітэцкіх і факультэцкіх кафедраў, работнікі бібліятэкі, шматлікіх вучэбных залаў, цэнтраў моў і культур.
Сёння лінгвістычны ўніверсітэт ‑ вядучая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных настаўнікаў і выкладчыкаў замежных моў, перакладчыкаў, спецыялістаў па міжкультурнай камунікацыі.
Выстава падрыхтавана аддзелам публікацый НАРБ сумесна з кафедрай гісторыі і сацыяльных навук МДЛУ