Удзел прадстаўніка Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь ў міжнароднай навуковай канферэнцыі «1030-годдзе Праваслаўнай Царквы ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць»

09.06.2022

9 чэрвеня 2022 г. у Мінску адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя «1030-годдзе Праваслаўнай Царквы ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць». Арганізатарамі форума выступілі Беларуская Праваслаўная Царква, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАН Беларуси), Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Мінская духоўная акадэмія. У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў кіравання, рэлігійных арганізацый, навуковых, духоўных і дзяржаўных вучэбных устаноў з Беларусі і Расіі. Усяго было прадстаўлена больш за 60 навуковых дакладаў.

На адкрыцці канферэнцыі з прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуліся Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін, старшыня Прэзыдіума НАН Беларусі Гусакоў У.Г., ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Румак А.А. і старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марзалюк І.А. Падчас мерапрыемства адбылося выступленне хора Свята-Духава кафедральнага сабора г. Мінска, акрамя таго ўдзельнікі канферэнцыі азнаёміліся з археалагічнай выставай, прысвечанай гісторыі праваслаўнай царквы на беларускіх землях.

Форум працягнуўся працай пленарнага паседжання і тематычных секцый, на якіх разглядаліся пытанні гісторыі праваслаўя на беларускіх землях, развіцця царкоўна-дзяржаўных адносін, узаемадзеяння рэлігіі з навукай і культурай, духоўна-маральных традыцый праваслаўя. У працы секцыі «Праваслаўная Царква на тэрыторыі Беларусі ў найноўшы перыяд (ХХ—пач.ХХI вв.)» прыняў удзел намеснік загадчыка аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь І.А. Вішнеўскі, які выступіў з дакладам на тэму «Материалы архива Белорусского обновленческого Синода как источник изучения репрессий против православного духовенства».

 

Інфармацыю падрыхтаваў нам. заг. аддзела публікацый І.А. Вішнеўскі

Фотогалерея: