Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавалі сумесную літаратурна-мастацкую выставу "Песняры зямлі беларускай", прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа

22.06.2022

Творчая спадчына мастакоў слова прадстаўлена выданнямі, арыгіналамі ілюстрацый да твораў пісьменнікаў, асабістымі рэчамі і дакументамі паэтаў. Для стварэння экспазіцыі задзейнічаны фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

У экспазіцыі – прыжыццёвыя выданні Купалы і Коласа, найцікавейшыя з якіх – першая ў Беларусі персанальная энцыклапедыя «Слоўнік мовы Янкі Купалы», «Тлумачальны слоўнік адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа», выданніз аўтографамі і выдатна аформленымі вокладкамі.

Аб прадстаўленных дакументах з фондаў Нацыянальнага архіва расказала намеснік дырэктара Стуканава А.А.: “Унікальнасць выставе надаюць сапраўдныя дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія ўяўляюць эпоху, у якой жылі і тварылі Народныя пісьменнікі: заява К. Міцкевіча (Я. Коласа) ў прадметную камісію БДУ аб назначэнні яго асістэнтам на кафедру беларускай мовы, аўтабіяграфія К. Міцкевіча (Я. Коласа), прадстаўленная ім у літаратурную прадметную камісію, анкета дэлегата 7-га Усебеларускага З'езду Саветаў Луцэвіча Івана Дамінікавіча (Я. Купалы), а таксама дакументы аб увекавечанні памяці беларускіх паэтаў. Кожны сапраўдны дакумент, створаны паэтамі і прадстаўлены на выставе – гэта нацыянальны набытак, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве”.

Постаці пісьменнікаў прадстаўлены не толькі ў прызме вершаваных бестселераў савецкага часу, архіўных дакументаў, але і праз ілюстрацыі да твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа вядомых беларускіх мастакоў – Георгія Паплаўскага, Барыса Заборава, Васіля Шаранговіча. Асаблівую атмасферу выставе надаюць рукапісы з аўтографамі пісьменнікаў, іх асабістыя рэчы, пасведчанні аб прысуджэнні ўзнагарод і іншыя цікавыя экспанаты.

Унёсак пісьменнікаў у фарміраванне літаратурнай мовы, развіццё мастацкай літаратуры, нацыянальнай культуры – каласальны. У цэнтры ўвагі аўтараў – Радзіма. Кожны сюжэт і вобраз гучыць аб ёй і для яе. Майстры роднай мовы, гонар нацыі, Янка Купала і Якуб Колас, як сапраўдныя песняры-прарокі, песняры зямлі беларускай, здолелі кожны па-свойму распавесці свету пра Беларусь, пра характар і творчы сусвет беларусаў, надзвычайную сілу і моц беларускага слова.

Выстаўка будзе працаваць да 25 снежня 2022 года.

 

Фотогалерея: