Аб правядзенні памятнага мерапрыемства, прысвечанага 75-годдзю Віталя Уладзіміравіча Скалабана

05.08.2022

5 жніўня ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ) адбылося памятнае мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю беларускага гісторыка, літаратуразнаўца, архівіста, кандыдата гістарычных навук Віталя Уладзіміравіча Скалабана.

У рамках сустрэчы ўспамінамі пра Віталя Уладзіміравіча падзяліліся: намеснік дырэктара архіва А.У.Кушнова, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Г.В.Запартыка, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі І.І.Каўганава; супрацоўнікі НАРБ: В.Дз.Селяменеў, С.В.Кулінок, І.У.Дарагуш, М.Я.Тумаш; сябры і калегі: В.Д.Міцкевіч, С.Я.Новікаў, Т.І.Рошчына, Л.І.Рублеўская, М.Ф.Шумейка. У мерапрыемстве прыняў удзел сын Віталя Уладзіміравіча — Павел Вітальевіч Скалабан.

У сваім выступе загадчык аддзела публікацый С.В.Кулінок анансаваў правядзенне Скалабанаўскіх чытанняў.

Напярэдадні, 4 жніўня, супрацоўнікі архіва А.У.Кушнова, І.Р.Гусак, Н.Я.Калеснік і М.Я.Тумаш наведалі Паўночныя могілкі, дзе ўсклалі кветкі да магілы выдатнага навукоўца.

У памяці усіх, каму пашчасціла працаваць разам з Віталем Уладзіміравічам, ён назаўжды застанецца прафесіяналам найвышэйшага ўзроўню, чалавекам творчым і бязмежна таленавітым.

Інфармацыю падрыхтавала навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Т.М.Агеенка

 

Фотогалерея: