Сумесны выставачны праект «Нацыянальная бібліятэка Беларусі: учора, сёння, заўтра»

13.09.2022

13 верасня 2022 года да 100-гадовага юбілею Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) адкрываецца сумесны с Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь выставачны праект «Нацыянальная бібліятэка Беларусі: учора, сёння, заўтра».

Фотапраект можна назваць фінальным, ён завяршае чараду мерапрыемстваў стагоддзя, якія прэзентуюцца ў НББ, падсумоўвае выразнымі вобразамі, наяўна сцвярджае ідэю каштоўнасці скарбніцы беларускай культуры.

Праект прадстаўляе архіўныя і сучасныя мастацкія фатаграфіі i  матэрыялы, сабраныя спецыяльна да стогадовага юбілею. Індывідуальныя стыль і почырк фотамастакоў дазваляюць убачыць мінулае, сучаснасць і будучыню Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праз прызму творчага ўяўлення аўтараў.

У экспазіцыі – архіўныя фатаграфіі былых будынкаў бібліятэкі, яе чытальных залаў, здымак каманды першых супрацоўнікаў бібліятэкі з легендарным дырэктарам Іосіфам Бенцыянавічам Сіманоўскім. Здымкі кранаюць асаблівым шармам, цёплай і ўтульнай лямпавай атмасферай. Фатаграфіі сённяшняй бібліятэкі выкананы ва ўнісон архітэктурнаму рашэнню будынка, яны адлюстроўваюць шматграннасць яе дзейнасці, каштоўнасць і святло ведаў, бясконцасць пазнавальнага свету. Незвычайныя ракурсы, фотагіпербалы скажаюць рэальнасць, дапамагаюць гледачам зазірнуць у заўтрашні дзень і паддацца фантазіі. У залітых святлом архіўных і аўтарскіх фотаработах сустракаюцца эпохі, гучаць сімвалы мінулага, элементы сённяшняга дня і вобразы будучыні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Галоўны наратыў сярод разнастайнасці місій, мэт і задач бібліятэкі – несці «святло ведаў» пакаленням чытачоў. Ён вобразна перададзены ў экспазіцыі мігценнем і пяшчотным ззяннем старых фотаздымкаў, насычаным сімвалізмам работ сучасных беларускіх фотамастакоў. Кожны здымак прасякнуты наяўным ці вобразным святлом.  

Прадстаўленыя бібліяграфічныя і навуковыя выданні распавядаюць аб гістарычных вехах фарміравання і асноўных кірунках дзейнасці Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (з 1992 г. – Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) за мінулае стагоддзе. Сярод экспанатаў – першы статут установы (1926), першы пуцяводнік (1969), юбілейныя выпускі бібліяграфічных паказальнікаў, матэрыялы пра ўзвядзенне і адкрыццё новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца архіўны фонд "Дзяржаўная бібліятэка ім. Леніна”. На выставе архівісты прадставілі найбольш цікавыя дакументы па гісторыі бібліятэкі: Праект будаўніцтва Дзяржаўнай бібліятэкі ў г. Мінску, складзены архітэктарамі Лаўровым і Жалткевічам у 1928 годзе, Рашэнне выканкама Сталінскага райсавета дэпутатаў працоўных г. Мінска аб паляпшэнні бібліятэчнай справы ў раёне ў 1941 годзе, дакладная запіска Дзяржаўнай штатнай камісіі пры СНК СССР “Аб зацвярджэнні штатаў Дзяржаўнай бібліятэкі ім. У.I.Леніна” ад 29 красавіка 1944 г., Палажэнне аб Дзяржаўнай бібліятэцы і бібліяграфічным інстытуце БССР ім. У.I.Леніна, Статут Дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга бібліятэкі БССР ім. Леніна за 1990 г.

Выставачныя праекты да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі імкнуцца падкрэсліць шматграннасць бібліятэкі, разнастайнасць яе дзейнасці, гісторыі, багацце калекцый.  

 

Інфармацыя подрыхтавана заг. аддзелам выкарытсання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка

Фотогалерея: