Выстава «Спадчына 1922–2022», прысвечаная 100-годдзю выхаду ў свет чацвёртага паэтычнага зборніка Янкі Купалы

15.09.2022

15 верасня 2022 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь i Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы адкрыў выставу «Спадчына 1922–2022», прысвечаную 100-годдзю выхаду ў свет чацвёртага паэтычнага зборніка Янкі Купалы. Праект прымеркаваны да Дня народнага адзінства.

Зборнік «Спадчына» – першая кніга Янкі Купалы, выдадзеная ў Беларусі. Паэт рыхтаваў яе да друку ў Мінску – сталіцы маладой рэспублікі – у 1921 годзе. Гэта быў няпросты час, калі ў выніку падпісання Рыжскага мірнага дагавора мяжа падзяліла землі Беларусі на ўсходнія і заходнія.

Творы 1905 – 1919 гадоў, якія ўвайшлі ў зборнік, будуць прадстаўлены ў рукапісах Янкі Купалы, у публікацыях у перыёдыцы, і, безумоўна, на старонках асобнікаў кнігі-юбіляра з фондаў музея. Галоўны мастацкі акцэнт выставы – прыжыццёвы сюжэтны партрэт Янкі Купалы, які стварыў у 1921 годзе Дзмітрый Полазаў да першай мастацкай выставы ў Мінску.

Пра шлях кнігі да чытача распавядуць лісты паэта і матэрыялы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь – памяткі гістарычных рэалій, якія раскрываюць абставіны асабістага і грамадскага жыцця творцы, знаёмяць з тымі людзьмі, якія дапамаглі ў ажыццяўленні выдання.

Па якім мінскім адрасе жыў Янка Купала, якімі вуліцамі хадзіў на працу, каму пашчасціла атрымаць экскурсію па горадзе ад дзядзькі Янкі – адказы на гэтыя пытанні і шмат іншых цікавых фактаў з жыцця першага народнага паэта Беларусі чакаюць наведвальнікаў Купалавага Дома.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь упершыню прадставіў  шырокай грамадскасці арыгіналы ўнікальных дакументаў: Анкетны ліст Янкі Купалы, Пратаколы сходу калегіі навукова – літаратурнага аддзелу пры Камасвеце, Пратаколы пасяджэнняў Каміссіі па паляпшэнню быта вучоных Беларусі, спіс навуковых супрацоўнікаў Мінска за 1923 г.

Выстава будзе працаваць да 29 кастрычніка 2022 года.

Інфармацыя падрыхтавана заг. аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка

 

 

Фотогалерея: