Аб правядзенні І Скалабанаўскіх чытанняў
17.11.202217 лістапада ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ) адбыліся І Скалабанаўскія чытанні, прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння беларускага гісторыка, літаратуразнаўца, архівіста, археографа, кандыдата гістарычных навук Віталя Уладзіміравіча Скалабана. Суарганізатарам мерапрыемства выступіла Беларускае таварыства архівістаў.
У прывітальным слове дырэктар НАРБ А.К.Дземянюк адзначыў ролю В.У.Скалабана ў выяўленні і ўвядзенні ў навуковы ўжытак новых крыніц. Намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Я.Цвяткоў падкрэсліў уклад НАРБ ва ўзаемадзеянне з гісторыкамі, захаванне і выкарыстанне архіўных крыніц, а таксама важнасць правядзення І Скалабанаўскіх чытанняў менавіта ў Год гістарычнай памяці. Начальнік аддзела ідэалагічнага забеспячэння ўпраўлення кадравай палітыкі і ідэалагічнага забеспячэння Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускага таварыства архівістаў М.М.Скамарошчанка ў сваім выступленні ўзгадаў аб знаёмстве з Віталем Уладзіміравічам, адзначыў шматграннасць яго асобы. Таксама Міхаіл Мікалаевіч ад імя Беларускага таварыства архівістаў анансаваў заснаванне прэміі імя В.У.Скалабана за выставачную і публікацыйную дзейнасць архіўных устаноў.
У рамках мерапрыемства загадчык кафедры гісторыі, сусветнай культуры і турызму Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук С.Я.Новікаў выступіў з дакладам «В.У. Скалабан — найадказнейшы ўкладальнік збораў архіўных дакументаў»; навуковы супрацоўнік аддзела публікацый НАРБ Н.Я.Калеснік падзялілася ўспамінамі пра Віталя Уладзіміравіча; загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання НАРБ І.У.Дарагуш азнаёміла ўдзельнікаў чытанняў з дакументальнай спадчынай В.У.Скалабана ў фондах асабістага паходжання НАРБ; рэдактар аддзела культуры рэдакцыі газеты «Звязда» Л.І.Рублеўская расказала аб гісторыі росшукаў Віталя Скалабана (па матэрыялах фонда № 500 Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ)); дацэнт кафедры «Сацыяльнае кіраванне» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук А.У.Дзяісаў выступіў з дакладам «Гісторыя краязнаўчага руху БССР у 1920-я гг. у крыніцах, якія выявіў Віталь Скалабан»; загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм НАРБ А.А.Макаранка расказала аб рэалізацыі пректа «Народны архіў Беларусі»; Г.В.Запартыка азнаёміла з крыніцамі па гісторыі беларускай літаратуры ў архіўным фондзе В.Скалабана; старшы навуковы супрацоўнік цэнтра ўсеагульнай гісторыі, міжнародных адносін і геапалітыкі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, вядучы архівіст аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук В.М.Бароўская расказала аб асобе М.І.Мароза ў навуковай спадчыне В.У.Скалабана; вядучы навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча І.В.Мышкавец адзначыла ролю В.У.Скалабана ў багдановічазнаўстве; навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь М.Я.Тумаш падзялілася звесткамі аб пошуках і знаходках В.У.Скалабана ў купала- і коласазнаўстве; дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук В.С.Іванова выступіла з дакладам «Беларускі музей імя І.Луцкевіча ў Вільна ў даследаваннях»; супрацоўнік часопіса «Роднае слова» С.У.Шапран расказаў пра два эпізоды з жыцця В.Быкава, якія зрабіліся вядомымі дзякуючы паэту Анатолю Вярцінскаму і гісторыку Віталю Скалабану.
У завяршэнне намеснік дырэктара НАРБ А.У.Кушнова падвяла вынікі І Скалабанаўскіх чытанняў.
Інфармацыю падрыхтавала навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Т.М.Агеенка
Фота: Уладзімір Монзуль