Аб правядзенні круглага стала ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь

09.12.2022

9 снежня ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ) адбыўся круглы стол «Праваслаўная Царква на тэрыторыі Беларускай ССР у 1920—1930-я гг.: дакументальныя крыніцы і іх інтэрпрытацыя», прысвечаны да 100-годдзя архіўнай службы Беларусі і 1030-годдзя Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Суарганізатарамі мерапрыемства выступілі Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай і Мінская духоўная акадэмія. Круглы стол праходзіў у фармаце афлайн і анлайн. У якасці слухачоў на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі Інстытута тэалогіі імя свв. Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) і работнікі архіва.

У прывітальным слове намеснік дырэктара архіва А.А.Стуканава адзначыла тэматычную разнастайнасць мерапрыемстваў, якія праходзяць на базе НАРБ у рамках Года гістарычнай памяці і 100-годдзя архіўнай службы, і выказала спадзяванне на правядзенне падобных навуковых сустрэч па канфесійнай праблематыцы ў будучыні. Прарэктар па вучэбнай рабоце Інстытута тэалогіі БДУ А.А.Гаранскі адзначыў важную ролю матэрыялаў архіва пры вывучэнні рэлігійнай гісторыі Беларусі.

У рамках мерапрыемства галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, кандыдат гістарычных навук К.Р.Карпекін выступіў з дакладам «Дакументы па гісторыі праваслаўных абшчын у 1920—1930-я гг. у фондах Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці»; вядучы навуковы супрацоўнік аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі НАРБ В.Г.Мазец зрабіў агляд дакументаў дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь аб стане праваслаўнай царквы на Міншчыне ў 1920—1930-я гг.; старшыня Камісіі па кананізацыі святых Гомельскай епархіі, кандыдат багаслоўя, пратаірэй А.А.Лапушанскі распавёў аб значэнні мемуараў пратаірэя П.Рылла як гістарычай крыніцы; дацэнт кафедры рэлігіязнаўства Інстытута тэалогіі БДУ, кандыдат гістарычных навук Г.С.Калініна прадставіла даклад аб нетрадыцыйнай рэлігійнасці праваслаўнага насельніцтва БССР у 1930-я гг. у адлюстраванні архіўных крыніц; загадчык аспірантуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.В.Бараненка ў сваім выступленні звярнуў увагу на праблему захавання дакументаў Расійскай праваслаўнай (патрыяршай) царквы на прыкладзе архіўных устаноў Беларусі; намеснік загадчыка аддзела публікацый НАРБ І.А.Вішнеўскі выступіў з дакладам «Матэрыялы фонду “Беларускі Праваслаўны Свяшчэнны Сінод” як крыніца па гісторыі праваслаўнай царквы на тэрыторыі БССР у 1920—1930-я гг.». Усе даклады выклікалі жывую зацікаўленасць і абмеркаванне.

 

Інфармацыю падрыхтаваў нам. заг. аддзела публікацый І.А.Вішнеўскі

Фота: Уладзімір Монзуль

Фотогалерея: