Памяць спаленых вёсак. Кніжна-дакументальная выстаўка да 80-годдзя Хатынскай трагедыі

22.03.2023
Хатынь_А3_афиша_!

22 сакавiка 2023 года адкрылась кніжна-дакументальная выстава «Памяць спаленых вёсак», прымеркаваная да 80-годдзя Хатынскай трагедыі, створаная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Яна дазваляе ўзгадаць трагічныя абставіны гібелі жыхароў вёскі Хатынь, якія шматгалосым рэхам адгукаюцца ў лёсе тысяч іншых спаленых беларускіх вёсак.

Час неадольна аддзяляе нас ад дня Хатынскай трагедыі, але цікавасць да яе не змяншаецца. Пацверджаннем таму з’яўляюцца новыя выставачныя праекты, публікацыі, дакументальныя фільмы, музейныя экспазіцыі, творы мастацтва. Лёс вёскі Хатынь стаў сімвалам незлічоных ахвяр, пакут і мужнасці беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь на выставе экспануе арыгінальныя архіўныя дакументы беларускіх партызанскіх  фарміраванняў,    матэрыялы   сведак,    акты   і   спісы    ахвяр

Хатынскай трагедыі, нямецкіх карных органаў, якія сведчаць аб злачынствах супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод экспанатаў – тэматычныя кніжныя выданні: даведнікі, альбомы, навуковыя, навукова-папулярныя і літаратурна-мастацкія кнігі, што падрабязна раскрываюць злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва вёскі Хатынь.

У ліку адметных кніжных выданняў з фонду бібліятэкі – ілюстраваная энцыклапедыя спаленых вёсак Беларусі «Нельга забыць. Нельга зразумець. Нельга апраўдаць», падрыхтаваная ў рамках усебеларускай акцыі «Беларусь памятае» (2019). Боль, смутак і памяць аб Хатынскай трагедыі перададзены на выставе таксама праз творы літаратуры і мастацтва.

У памяць аб ахвярах фашызму ў 1969 г. быў створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь». Экспануецца шэраг матэрыялаў, якія прадстаўляюць памятнае месца, якое наведваюць не толькі жыхары Беларусі, але і грамадзяне дзясяткаў краін свету. І кожны з іх забірае з сабою, нават не ўсведамляючы гэтага, маленькі агеньчык вялікай памяці беларускага народа. Бо без памяці пра мінулае няма будучыні.

Выстава адрасуецца шырокаму колу чытачоў і наведвальнікаў бібліятэкі.

 

Інфармацыя падрыхтавана загадчыкам аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка

Фотогалерея: