Дакументальна-кніжная выстаўка «Чараўнік з краіны маленства»

10.05.2023

10 мая 2023 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі адкрыў дакументальна-кніжную выстаўку «Чараўнік з краіны маленства».

Сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра (1883-1971) – вядомага пісьменніка, перакладчыка, аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры для дзяцей і юнацтва. Яго творы і сёння працягваюць паланіць сэрцы сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны вабяць рамантыкай прыгод і падарожжаў, шчырасцю і праўдзівасцю аповеду, маляўнічаму апісанню прыроды экзатычных краін і роднага Палесся.

На выстаўцы прадстаўлена каля 100 дакументаў. Педагог, рамантык, чараўнік, мысліцель, гуманіст, вандроўнік, шукальнік, чалавек з крылатай фантазіяй – такія грані творчага партрэта Янкі Маўра раскрываюцца ў экспазіцыі праз кніжныя выданні, часопісныя публікацыі, энцыклапедычныя і навукова-папулярныя выданні, а таксама, ілюстрацыйны матэрыял з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Пачынаецца экспазіцыя з раздзела «Педагог. Вандроўнік. Летуценнік». Цэнтральнае месца ў ім адведзена адзінаму аўтабіяграфічнаму твору Янкі Маўра – аповесці «Шлях з цемры» (1920-1957), над якой ён працаваў амаль тры дзесяцігоддзі і намагаўся распавесці пра перапетыі свайго жыцця.

Вельмі важнай старонкай біяграфіі пісьменніка з’яўляецца жыццё ў эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Суровы час выяўляецца са старонак дзённіка і лістоў пісьменніка да сяброў-літаратараў. У экспазіцыі прадстаўлена часопісная публікацыя А.Лысенкі – «Янка Мавр: «Мне кажется, мы все будем другими…». Пасля вяртання ў вызвалены Мінск пранізлівым болем вайна ўваходзіць у апавяданні пісьменніка. Янка Маўр быў адным з ініцыятараў стварэння кнігі ўспамінаў дзяцей, што перажылі вайну. Кніга «Ніколі не забудзем», рэдактарам якой быў Янка Маўр, выйшла ў 1948 г. і атрымала высокую ацэнку грамадскасці не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ад гэтай кнігі пачынаецца развіццё дакументальнай літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну.

Значная частка экспазіцыі прысвечана творчай спадчыне Янкі Маўра. На выстаўцы можна пабачыць асноўныя выданні яго твораў – аповесцяў, рамана, апавяданняў: «Чалавек ідзе» (1927), «Сын вады: Аповесць з жыцця на вогненнай зямлі» (1928), «У краіне райскай птушкі» (1928), «Амок»: Раман (1930), «Пекла» (1929), «Палескія Рабінзоны» (1930), «Слёзы Тубі»: Апавяданні. (1930), «Аповесць будучых дзён» (1932), «ТВТ» (1934), «Вакол свету» (Зборнік твораў, 1947), «Цётка Эмілія (1954). Пераклады на беларускую мову асобных твораў Д.Маміна-Сібірака, М.Прышвіна, Х.К.Андэрсена, М.Твэна і інш. Прадстаўлены пераклады твораў Янкі Маўра на рускую, казахскую і іншыя мовы.

Пра ўзнагароды і ўвекавечанне памяці Янкі Маўра сведчаць арыгінальныя дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Гэта Пастановы Вярхоўнага Савета і Савета міністраў  БССР аб прысуджэнні звання Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972, пасмяротна) і інш.

Кожны раздзел праілюстраваны матэрыяламі з сямейнага архіва пісьменніка. Сярод адметнасцяў выстаўкі – мемарыяльныя рэчы Я.Маўра – пісьмовы набор, шахматы, гальштук, калекцыя марак з лістоў і паштовак ад эсперантыстаў з усяго свету. Дапаўняюць і ўзбагачаюць выяўленчы матэрыял лічбавыя копіі важных дакументаў, аўтографаў, фотаздымкаў, якія даюць больш поўнае ўяўленне пра асобу пісьменніка.

Навігатарам па экспазіцыі з’яўляюцца словы-ўспаміны блізкіх і сяброў Івана Фёдаравіча, што раскрываюць розныя грані яго характару, пэўныя жыццёвыя сітуацыі і цікавыя здарэнні. Кожны чытач і наведвальнік бібліятэкі мае магчымасць адчуць «аўру Маўра» і прысвяціць свой адпачынак знаёмству з добрай, шчырай і праўдзівай кнігай чараўніка і вандроўніка Янкі Маўра.

Выстава працуе з 10 мая па 31 снежня 2023 года ў кальцавой галерэі 3-га паверха.

Фотогалерея: