Выстава «Гады́ як шторм»
01.12.202330 лістапада 2023 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь у літаратурным музеі Петруся Броўкі прыняў удзел у адкрыцці часовай экспазіцыі «Гады́ як шторм», створанай сумесна з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.
Пятрусь Броўка – сын складанай эпохі, што ўвабрала ў сябе стварэнне і разбурэнне, надзеі і расчараванне. Яго жыццё можна разглядаць як праекцыю бытнасці цэлага пакалення не толькі беларусаў, але і іншых народаў-суседзяў, якія воляю лёсу падзялілі складаны паварот еўрапейскай гісторыі. Ад вясковага пастуха – да старшыні сельскага савета, ад сябра «Маладняка» – да кіраўніка Саюза беларускіх пісьменнікаў. Высокія званні і прызнанне грамадзянскіх заслуг – у любым стане паэт заставаўся чалавекам, бачыў сваё шчасце ў шчырай працы, у беспатольнай празе стварэння, у адчуванні крокаў эпохі.
Выстава «Гады́ як шторм» прадстаўляе час маладосці, 35 год жыццёвага шляху паэта праз церні эпахальных змен да абсалютнага поспеху. Выстава імкнецца да дэманстрацыі асобы творцы з розных бакоў – у сямейным асяроддзі і на афіцыйных мерапрыемствах, як звычайнага чалавека і як паэта, з гуманістычнай і акрыленай творчасцю, часам наіўнай і рамантычнай, але заўсёды шчырай, як і ён сам.
Інфармацыя падрыхтавана намеснікам загадчыка аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.П.Бягун