Аб правядзенні круглага стала «Крыніцы канфесійнага паходжання ў ХVI—XXI cтст.: актуальныя праблемы і перспектывы вывучэння»

11.12.2023

8 снежня 2023 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (ЦНБ) імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі адбыўся круглы стол «Крыніцы канфесійнага паходжання ў XVI—XXI cтст.: праблемы і перспектывы вывучэння». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ) і ЦНБ імя Я. Коласа НАН Беларусі. Мадэрыраваў працу круглага стала намеснік загадчыка аддзела публікацый НАРБ І.А.Вішнеўскі.

У прывітальным слове загадчык Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў ЦНБ імя Я.Коласа НАН Беларусі К.В.Сыцько падкрэсліў актуальнасць тэмы круглага стала і выказаў упэўненасць у далейшым плённым супрацоўніцтве дзвюх устаноў.

У рамках мерапрыемства дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), кандыдат гістарычных навук З.В.Антановіч распавяла аб інфармацыйным патэнцыяле і праблемах даследавання рэгістрацыйна-ўліковай дакументацыі органаў канфесіянальнага кіраўніцтва хрысціянскіх канфесій канца XVIII — пачатку ХХ ст.; прафесар кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук М.Ф.Шумейка выступіў з дакладам «Протоиерей Иоанн Григорович — первый белорусский археограф. К 200-летию белорусской археографии»; студэнт гістарычнага факультэта БДУ М.А.Крупко расказаў аб развіцці богаслужэбнай літаратуры ВКЛ на прыкладзе стварэння першага беларускага Служэбніка 1583 г.; галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, кандыдат гістарычных навук К.Р. Карпекін прадставіў даклад «“Магілёўскія епархіяльныя ведамасці” як крыніца па хрысціянска-іўдзейскіх узаемаадносінах»; навуковы супрацоўнік аддзела даследавання рукапісаў Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі, магістр гістарычных навук М.А.Крывіцкі выступіў з дакладам «“Могилевские епархиальные ведомости” как источник по истории баптизма в Могилевской губернии»; дацэнт кафедры рэлігіязнаўства Інстытута тэалогіі імя свв. Мяфодзія і Кірыла БДУ, кандыдат гістарычных навук Г.С.Калініна прадставіла даклад «Письма верующих как источник исследования церковно-приходской жизни БССР 1930-х гг. (по материалам фонда 2786 “Беларусский Православный Священный Синод”)»; намеснік загадчыка аддзела публікацый НАРБ І.А.Вішнеўскі распавёў аб праблемах і перспектывах вывучэння архіва Беларускага абнаўленчага Сінода; загадчык Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў ЦНБ имя Я.Коласа НАН Беларусі К.В.Сыцько ў сваім дакладзе звярнуў увагу на вынікі палявой археаграфічнай працы бібліятэкі ў 2022—2023 гг.

Усе даклады выклікалі жывую зацікаўленасць і абмеркаванне. Пры падвядзенні вынікаў круглага стала яго ўдзельнікі выказалі спадзяванне, што абмеркаванне праблемы канфесійнага крыніцазнаўства працягнецца на падобных мерапрыемствах і ў далейшым.

 

Інфармацыю падрыхтаваў намеснік загадчыка аддзела публікацый І.А.Вішнеўскі

 

 

Фотогалерея: