Выставачны праект, прымеркаваны да Дня беларускага кіно
19.12.202319 снежня 2023 года Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» падрыхтаваў выставачны праект, прымеркаваны да Дня беларускага кіно, які адзначаецца 17 снежня.
Беларускі кінематограф з’яўляецца значным пластом культуры Беларусі, які ўключае ў сучасны культурны кантэкст лепшыя кіназ’явы мінулага і папулярызуе апошнія дасягненні айчынных кінамайстроў. Беларускае кіно сёння займае пачэснае месца сярод іншых відаў мастацтва. Створана значная колькасць фільмаў, якія атрымалі заслужанае прызнанне на нацыянальным і міжнародным узроўні.
Выстава, прысвечаная гісторыі беларускага кіно і новым праектам кінастудыі «Беларусьфільм», раскрывае тэму зараджэння, асаблівасцей развіцця нацыянальнага кінематографа ў разрэзе розных гістарычных этапаў нашай краіны, а таксама адлюстроўвае працэсы і дынаміку айчыннага кінематографа на сучасным этапе.
На выставе прадстаўлены артэфакты, многія з якіх ніколі раней не экспанаваліся: унікальныя дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, афішы да першых фільмаў, касцюмы, рэквізіт да знакавых фільмаў – тое, што зрабіла беларускае кіно вядомым ва ўсім свеце. Асаблівая ўвага надаецца фільмам, якія заслужана ўвайшлі ў залатую калекцыю айчыннага і сусветнага кінамастацтва. Выставачны праект дэманструе экспанаты, звязаныя з такімі культавымі карцінамі як «Дзяўчынка шукае бацьку», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «Шляхціч Завальня», «Прыгоды Бураціна», «Белыя Росы», «Анастасія Слуцкая» і іншыя.
Сучаснае развіццё беларускага кінамастацтва таксама прадстаўлена комплексам матэрыялаў апошніх фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Наведвальнікі маюць магчымасць убачыць арыгінальныя касцюмы да карціны «На другім беразе», прэм’ера якой адбылася ў верасні 2023 года.
Інфармацыя падрыхтавана заг. аддзелам выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка