Адкрыццё другой выставы з цыкла «Зара вызвалення займаецца над Беларуссю»

23.01.2024

23 студзеня 2024 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі адкрыў другую выставу з цыкла "Зара вызвалення Беларусі", прымеркаваную да 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Экспазіцыя прадстаўляе хроніку вызвалення са студзеня па сакавік 1944 г. У дакументальна-кніжным шэрагу - факты і звесткі аб удзельніках Калінкавіцка-Мазырскай (8 студзеня – 8 лютага) і Рагачоўска-Жлобінскай (21-26 лютага) наступальных аперацый Беларускага фронту. Да сакавіка 1944 г.  у выніку аперацый, якія доўжыліся з невялікімі перапынкамі з верасня 1943 г., была вызвалена 2 з 10 абласных, 36 з 188 раённых цэнтраў і прыкладна 1/5 часткі тэрыторыі Беларусі. У трэцяй частцы выставачнага цыкла будзе прадстаўлена інфармацыя аб маштабнай беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён".

У рамках мерапрыемства журналіст газеты  “Гомельскія ведамасці" Д.Чарняўскі прадставіў унікальныя выданні, прысвечаныя памяці і гісторыі паўсядзённага жыцця ветэранаў – герояў-вызваліцеляў Беларусі. Сярод іх – дакументальна-мастацкі твор ”Баявыя дарогі Рыгора Ільіна, або  300 дзён на захад”, дзе панарамна паказаны летапіс вызвалення з 23 верасня 1943 г. па 28 ліпеня 1944 г., і дакументальная фотакніга ”Вуснамі франтавікоў”. Нацыянальны архіў прадставіў дакументы з архіўнага фонду "Беларускі штаб партызанскага руху”: схемы злучэння і ўзаемадзеяння партызанскіх атрадаў з часцямі Чырвонай Арміі за 1944 г., загады  партызанскага атрада “Перамога” партызанскай брыгады “Полымя" Мінскай вобласці, зводкі Саўінфармбюро аб баявых аперацыях партызан за сакавік – ліпень 1944 г. і інш. дакументы.

 У мерапрыемстве прынялі ўдзел гісторыкі, журналісты, пісьменнікі, бібліятэкары, музейшчыкі, - усе, хто цікавіцца гісторыяй і захоўвае памяць аб подзвігах і ўчынках герояў Вялікай Айчыннай вайны.

 

Інфармацыя падрыхтавана заг.аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка

Фотогалерея: