Практыка студэнтаў на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь

05.03.2024

З 4 сакавіка 2024 г. на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь арганізавана пераддыпломная практыка студэнтаў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 4-га курса спецыяльнасцей «Гісторыя (па накірунках)» і «Гісторыка-архівазнаўства».

Асноўнай мэтай практыкі з’яўляецца работа над дыпломнымі праектамі і азнаямленне з напрамкамі дзейнасці ўстановы. Тэматыка дыпломных праектаў адпавядае перыяду і складу дакументаў, якія знаходзяцца на захоўванні ў архіве. Гэта дасць магчымасць практыкантам працаваць над сваімі дыпломнымі работамі, выкарыстоўваючы архіўныя дакументы. Студэнты таксама змогуць прымяніць і замацаваць свае тэарэтычныя веды на практыцы, выконваючы пэўныя віды работ.

З прывітальным словам перад студэнтамі выступіў дырэктар архіва А.К. Дземянюк, які адзначыў важнасць практычнай працы ў архіве.

Кіраўнікамі практыкі прызначаны работнікі з ліку найбольш вопытных: загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А. Старасценка, намеснік загадчыка аддзела аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Г.А. Жукоўская, намеснік загадчыка аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм У.Ю. Монзуль.

Навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Т.М. Агеенка правяла экскурсію па архіву, пад час якой студэнты азнаёміліся з гісторыяй установы, складам і асаблівасцямі захоўвання дакументаў, выставачнай і публікацыйнай дзейнасцю архівістаў. Таксама студэнтам была прадэманстравана відэапрэзенацыя архіва.

 

Інфармацыя падрыхтавана навуковым супрацоўнікам аддзела публікацый Т.М. Агеенка

Фота У.Ю. Монзуль

Фотогалерея: