Адкрыццё банэрнай выставы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, прысвечанай трагедыі беларускіх вёсак, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны

16.02.2022

16 лютага 2022 г. у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылося адкрыццё банэрнай выставы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, прысвечанай трагедыі беларускіх вёсак, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.А. Белазаровіч звярнуў увагу студэнцкай моладзі на неабходнасць захавання аб'ектыўнай гістарычнай Памяці аб падзеях вайны. Ён падкрэсліў, што супраць мірнага насельніцтва нашай рэспублікі праводзілася загадзя спланаваная і арганізаваная палітыка знішчэння, адным з трагічных сімвалаў якой сталі спаленыя і знішчаныя вёскі. 

Дырэктар універсітэцкай бібліятэкі Н.У. Грынько ў звароце да студэнтаў адзначыў, што для іх, як для будучых выкладчыкаў, важна не толькі ведаць і памятаць трагічную гісторыю нашай краіны, але і перадаваць яе маладому пакаленню беларусаў.

Дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ) А.К. Дземянюк у прывітальным слове расказаў аб рабоце, якую праводзіць архіў па захаванні Памяці аб тых страшных падзеях і па ўвядзенні ў навуковы абарот дакументальных крыніц. У прыватнасці, ён адзначыў, што ўжо апублікаваны шэраг зборнікаў па гэтай тэме: "Хатынь: трагедыя і памяць", "Трагедыя беларускіх вёсак, 1941–1944", "Хатынскі некропаль", "Спаленыя вёскі Беларусі", "Спаленыя вёскі Расіі" і інш. Пры непасрэдным удзеле архіва створана і актыўна дзейнічае адзіная ў сваім родзе на постсавецкай прасторы агульнадаступная база даных «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны». 

Дырэктар фонду "Гістарычная памяць" (г. Масква) Аляксандр Дзюкаў распавёў аб тым, як ён удзельнічаў у апытанні жыхароў Верхнядзвінскага раёна аб падзеях акупацыі. Гэтыя каштоўныя ўспаміны ўжо часткова апублікаваны. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што аналагічная база даных па спаленых вёсках настойліва неабходна і для расійскай грамадскасці. 

Пасля ўрачыстай часткі адзін са студэнтаў універсітэта правёў экскурсію па матэрыялах выставы.

 

Інфармацыю падрыхтаваў загадчых аддзела публікацый С.В. Кулінок

 

 

Фотогалерея: