Выставачны праект "Лёс Музея – лёс Краіны. Шлях даўжынёй у стагоддзе"

17.02.2022

У Год гістарычнай памяці Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь 17 лютага 2022 г.  урачыста адкрыў выставачны праект "Лёс Музея – лёс Краіны. Шлях даўжынёй у стагоддзе".

Выстава прыадчыняе адну з няпростых, але найцікавейшых старонак айчыннай гісторыі, якая прысвечана нараджэнню і станаўленню найбуйнейшага музея краіны – Нацыянальнага гістарычнага музея.

На выставе прадстаўлены разнастайныя музейныя экспанаты – артэфакты з розных гістарычных эпох, сабраныя супрацоўнікамі музея ў 1919–1950-х гадах. Гэта ўнікальныя знаходкі з першых у краіне археалагічных раскопак, прадметы сялянскага і гарадскога побыту, творы мастацтва, звезеныя з палацаў і маёнткаў у 1918–1919 гг., культавыя рэчы, рукапісы, кнігі і шмат іншага.

Сярод дакументаў  Нацыянальнага  архіва Рэспублікі Беларусь, якія ўпершыню прадстаўлены на выставе – вынікі агляду музея наведвальнікамі, перапіска музея з яўрэйскай абшчынай мястэчка Узляны, справаздачы аб рабоце Інспектарыята навуковых устаноў Наркампроса БССР, спісы і пасведчанні супрацоунiкаў акадэмічнага цэнтра Наркампроса БССР, справаздачы аб рабоце яўрэйскай секцыі Галоўпалiтпрасвета, акты і вопіс музейных экспанатаў, вернутых у Беларускую ССР з Германіі і іншыя.

Раздзелы экспазіцыі адлюстроўваюць самыя значныя этапы ў  гісторыі музея: Абласны музей 1919 г., дзейнасць Беларускага дзяржаўнага музея 1920-х гадоў, музейная ўстанова ў 1930-я гады, лёс музейных калекцый ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час, праца Арганізацыйнай групы па падрыхтоўцы Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея, адкрыццё экспазіцыі 1967 г.

У выставачным праекце таксама  прымаюць удзел: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,  Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

 

Інфармацыя падрыхтавана загадчыкам аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка

Фотогалерея: