Аб правядзенні ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Архіўны дыялог. Да 100-годдзя Першай усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў»

24.05.2024

23 мая 2024 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ) прайшла  ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Архіўны дыялог. Да 100-годдзя Першай усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў».

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Я.Цвяткоў, які падкрэсліў важнасць правядзеня падобных мерапрыемстваў, а таксама адзначыў, што архівы паступова эвалюцыянуюць у навуковыя і культурна-асветніцкія цэнтры.

Намеснік дырэктара НАРБ А.А.Стуканава павіншавала ўдзельнікаў канферэнцыі і адзначыла, што падобныя мерапрыемствы дазваляюць абмяняцца вопытам працы, устанавіць новыя кантакты і накірункі супрацоўніцтва. Таксама Алена Аляксандраўна прэзентавала зборнік матэрыялаў навуковых мерапрыемстваў, праведзеных НАРБ у 2023 г., «Архіўны дыялог. Выпуск 2».

За актыўную працу па падрыхтоўцы навукова-папулярнага выдання «Архівы. Нічога, акрамя праўды» А.Я.Цвяткоў ўручыў падзякі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь намесніку дырэктара архіва С.В.Кулінку і вядучаму навуковаму супрацоўніку аддзела публікацый В.Д.Селяменеву.

Мадэратарам пленарнага пасяджэння выступіў намеснік дырэктара архіва С.В.Кулінок. Тут прагучалі даклады прафесара кафедры крыніцазнаўства БДУ, к.г.н., дацэнта М.Ф.Шумейка («Роля І Усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў у станаўленні і развіцці архіўнай справы, археаграфіі, справаводства») і вядучага навуковага супрацоўніка аддзела публікацый НАРБ, к.г.н. В.Д.Селяменева («Да пытання аб выкарыстанні дакументаў былога ЦПА ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь»).

У канферэнцыі ў вочна/завочным фармаце прынялі ўдзел прадстаўнікі рэспубліканскіх (НАРБ, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы, Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі) і абласных (дзяржаўныя архівы Віцебскай і Магілёўскай абласцей) архіўных устаноў, вышэйшых навучальных устаноў (Інстытут упраўленчых кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай), Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Інстытут гісторыі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры), Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Міжнародны складнік мерапрыемства прадставілі вучоныя з Санкт-Пецярбургскага політэхнічнага ўніверсітэта Пятра Вялікага, Цэнтра гісторыі расійскай навукі і навукова-тэхнічнага развіцця Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта. Усяго ўдзельнiкаў было каля 50 чалавек.

Далейшая праца канферэнцыі была арганізавана ў чатырох секцыях. У першай секцыі «Архіўная справа на Беларусі ў ХХ—ХХІ стст.: гісторыя, методыка, практыка» прадстаўлены даклады намесніка дырэктара архіва С.В.Кулінка («Выдавецкая дзейнасць Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: вопыт і перспектывы»); супрацоўнікаў аддзела публікацый: навуковых супрацоўнікаў Т.М.Агеенка («Партархіў і яго кадры (1929—1941 гг.)»), Н.Я.Калеснік («Беларускі нацыянальны камісарыят: гісторыя фонда № 4 Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь»), вядучых архівістаў Ю.М.Петуха («Матэрыялы ІІ Усебеларускага пасяджэння архіўных работнікаў як крыніца па гісторыі развіцця сістэмы мясцовых архіваў БССР у 1920-я гг.») i к.г.н. В.М.Бароўскай («Пытанне рэстытуцыі архіўных збораў з БССР у Польшчу на І Усебеларускай канферэнцыі архіўных працаўнікоў»); намесніка загадчыка аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм У.Ю.Монзуля («Фондавы каталог дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь як агульнадаступная крыніца інфармацыі: вопыт выкарыстання і перспектывы далейшага ўдасканальвання»). Т.М.Агеенка і В.М.Бароўская выступілі мадэратарамі секцыі.

Другая секцыя была прысвечана крыніцазнаўчаму патэнцыялу дакументаў па навейшай гісторыі Беларусі і дзяржаў постсавецкай прасторы першай паловы ХХ ст. У ёй былі прадстаўлены даклады малодшага навуковага супрацоўніка аддзела публікацый Т.У.Пецюкевіч («Праблема забеспячэння гарадскога насельніцтва БССР жыллём у адлюстраванні справаздач мясцовых камунальных аддзелаў (1921—1928 гг.)») і загадчыка аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм В.Ю.Юркевіч («Значэнне архіўных дакументаў у гісторыка-прававых даследваннях у кантэксце гісторыі грамадзянскага права БССР у 1919—1940-х гг.»).

Важнае значэнне ў працы канферэнцыі заняла тэма Вялікай Айчыннай вайны, асабліва напярэдадні святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ёй была прысвечана праца трэцяй секцыі «Вялікая Айчынная вайна ў адлюстраванні гістарычных крыніц», дзе вядучыя спецыялісты, у тым ліку з Расіі,  абмеркавалі шматлікія бакі ваеннай гісторыі. Таксама тут былі прадстаўлены даклады навуковага супрацоўніка аддзела публікацый М.Я.Тумаш («Шыфртэлеграмы як гістарычная крыніца») і вядучага архівіста аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, к.г.н. В.П.Гарматнага («Разведданясенні партызанскай брыгады імя П.К.Панамарэнка як крыніца па гісторыі Бярозаўшчыны ў перыяд гітлераўскай акупацыі»).

У працы чацвёртай секцыі «Архіўныя дакументы як крыніца вывучэння гістарычных падзей (1944—2000-я гг.)» прыняў удзел вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, к.г.н. В.Г.Мазец («Стан аўтамабільнага транспарту і шляхоў зносін БССР у другой палове 1940-х — 1950-х гг. (паводле дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь)»).

 

Матэрыял падрыхтаваны Агеенка Т.М.

Фота : Монзуль У.Ю.

Фотогалерея: